Падтрымаць нас
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Ігар Палынскі /

У жніўні выйшаў альбом «Карова белая», які запісалі музыканты Света Бень і Яўген Кучмейна. Творцы адчулі адно аднаго ў такой ступені, што пласцінку, якая стала вынікам іх супрацы, можна назваць адной з найбольш яркіх з’яў у беларускай музыцы апошніх гадоў. На большасці канцэртаў з прэзентацыяй плыты ў гарадах Польшчы быў солдаўт. Журналіст і музыкант Ігар Палынскі пагаварыў для «Люстэрка» са Светай, Жэнем і Аляксандрам Багданавым (ён быў дырэктарам «Серебряной свадьбы» і працягвае дапамагаць Бень дагэтуль) у Познані на наступны дзень пасля прэзентацыі альбома ў адным з мясцовых клубаў. Атрымалася гутарка пра свабоду, страх, надзею і смерць, пра эміграцыю і музыку. Пра нямецкі Берлін і Малыя Азяраны на Падляшшы, пра знойдзены на полі барабан і музычныя рашэнні, якія адразу запрацавалі. Пра тое, як Света і Жэня сустрэліся ў патрэбны момант, як адбыўся стопрацэнтны творчы мэтч і якім чынам з гэтага атрымалася «Карова белая» — альбом, наскрозь працяты сумам, гумарам, трывогай і вельмі ўпартай верай у тое, што «нешта будзе добра».

Света Бень — беларуская актрыса, спявачка, паэтка і рэжысёрка, лідарка гурта «Серебряная свадьба» (2005−2016).

Яўген Кучмейна — беларускі музыкант, аўтар і саўнд-прадзюсар, стваральнік праекта .К (tochka K).

Свабода, смерць і альбом «не для карпаратываў»

— Першая песня ў альбоме натхнёная старым французскім фільмам Рабэра Брэсона «Дух дыхае, дзе хоча» пра ўцёкі з нацысцкай турмы падчас Другой сусветнай — пра выратаванне, ода жыццю, свабодзе. А вось загалоўны твор «Карова белая» — алегорыя смерці. Для цябе смерць і жыццё — гэта розныя гісторыі?

Света: Ну, гэта адна тэма, але смерць і свабода для мяне вельмі роўныя, вельмі падобныя паняцці.

— То-бок, жыццё — гэта не свабода?

Света: Жыццё — гэта прыгода. Страшная і… цікавая. А смерць — гэта свабода.

— Тады зразумела, чаму ў цябе смерць не страшная, велічная пані з касой, а часам такая казачная.

Света: Вясёлы хлопец!

— Хлопец? Чаму?

Света: Яны мяне заўсёды выратоўвалі, пацаны. Таму я думаю, што смерць таксама мужчынскага роду.

— Табе лягчэй гаварыць пра смерць, увасабляючы яе менавіта так?

Света: Можа, я так абараняюся ад такога натуральнага чалавечага страху перад смерцю. Я спрабую так з ёй пасябраваць.

Света Бень, Познань, Польшча, 18 верасня 2026 года. Фота: Аляксей Разумаў, «Люстэрка»
Света Бень, Познань, Польшча, 18 верасня 2026 года. Фота: Аляксей Разумаў, «Люстэрка»

— Чаму менавіта «Карова белая» стала загалоўнай у альбоме? Ты адразу ведала, што будзе менавіта яна?

Света: Яна, мне падаецца, самая такая… Склалася самая першая. Як мы потым зразумелі, яна выцягнула ўвесь альбом — за ёю ўсё пайшло потым.

Жэня: Яна сама сабой атрымалася. Найменш гвалту было над гэтым трэкам. То-бок ён неяк усё сам, мы толькі дарожкі запісалі, і ўсё. Калі зводзіў, таксама ўсё лёгка здарылася.

— А з астатнімі не так?

Жэня: Ні з адным трэкам, як з гэтым, так лёгка не было. Там было шмат рацыянальнага такога… Трэба было сценку прабіваць. Мы нават хацелі запісаць больш песень на выпадак, калі нешта не атрымаецца, але, нам падалося, атрымалася ўсё. Таму нават на вініл, можа, штосьці не ўлезе.

— Будзе вініл, як і ў выпадку з альбомам «Приём!» (запісаны Светай Бень з Галяй Чыкіс у 2022 годзе. — Заўв. рэд.)?

Света: Спадзяёмся, так. Працуем над гэтым. І касеты хутка будуць. І дыскі будуць.

Тут да гутаркі па-прадзюсарску падключаецца Аляксандр Багданаў.

Саша: Касеты робяцца ў Польшчы, а вініл — сама кампанія знаходзіцца ў Ізраілі, але вытворчасць плыт будзе на заводзе або ў Вільнюсе, або ў Берліне.

Аляксандр Багданаў (Papa Bo), Познань, Польшча, 18 верасня 2026 года. Фота: Аляксей Разумаў, «Люстэрка»
Аляксандр Багданаў (Papa Bo), Познань, Польшча, 18 верасня 2026 года. Фота: Аляксей Разумаў, «Люстэрка»

— Адна мая знаёмая, вялікая фанатка «Серебряной свадьбы», гэты альбом з першага разу не змагла даслухаць да канца. Ёй ён падаўся занадта журботным. А для мяне, наадварот, ён выглядае няхай амаль што невыноснай, але — надзеяй. А як вы адчуваеце настрой «Каровы белай»?

Света: Ён у такім настроі, які… Супадае з маім прыватным настроем.

— Дык а які гэта настрой?

Света: Такі, як у альбоме. Ну слухай! Нельга так, гэта ціск ужо, што слухачы павінны штосьці такое адчуць, што мы быццам укладвалі. Мы запісвалі проста песні ў такім настроі, у якім яны былі. А якія яны выклічуць адчуванні — гэта ўжо трэцяе пытанне, і гэта, насамрэч, не наша ўжо справа.

Жэня: Вось мы сабраліся, мы гаворым, і мы вясёлыя. Прыедзеце да мяне ў Малыя Азяраны (вёска на польскім Падляшшы, дзе знаходзіцца хатняя студыя Жэні. — Заўв. рэд.) — мы п’ём каву, мы вясёлыя. Але ты там сядзіш у сябе адзін — і ты часта не такі вясёлы. Весела, калі работа па-заліхвацку ідзе, але калі пра самае галоўнае робіш — а я лічу, што тое, што Света робіць, — яно менавіта такое… Света сама і ёсць такая. Для мяне гэты стан вельмі блізкі, я таксама такое раблю: калі ў цябе жыццё, смерць, любоў, робаты, усё гэта разам, і ты ўвесь час у гэтым знаходзішся. Калі мне кажуць: б***ь, альбом, вядома, тужлівы пі**ц, — я кажу: а што, вось зараз весяліцца?

Я лічу, не так важна рабіць забаўляльныя песні, як выразіць экзістэнцыяльныя праблемы. І тут яны якраз і паўстаюць: чалавек пяе пра смерць, як ён памрэ, пра тое, які ён м**ак, самому сябе шкада — ты падкрэсліваеш гэты факт. І адначасова апускаешся да алкаша з-пад плоту. А потым вяртаешся. Такая прыгода. У Светы так і было, я так і адчуваў. Мне падаецца, і ў «Серебряной свадьбе» такое было, проста не так сканцэнтравана, яно хавалася. А тут такі згустак — яно не працуе на карпаратыў, вяселле ці кудысьці там… Хіба да асаблівых рабятаў, якія любяць на вяселлі так… павесяліцца.

Яўген Кучмейна (tochka K) і (на заднім плане) Аляксандр Багданаў (Papa Bo), Познань, Польшча, 18 верасня 2026 года. Фота: Аляксей Разумаў, «Люстэрка»
Яўген Кучмейна (tochka K) і (на заднім плане) Аляксандр Багданаў (Papa Bo), Познань, Польшча, 18 верасня 2026 года. Фота: Аляксей Разумаў, «Люстэрка»

— У некалькіх песнях у альбоме ёсць частыя паўторы, якія гучаць амаль як мантры: «Я нуждаюсь в надежде», «Мы прорвемся», «Мы когда-нибудь встретимся», «Ты все вынесешь»… Мне падалося, ты не проста пра гэтую надзею спяваеш, а як быццам пераконваеш усіх — і сябе — у тым, што яна ёсць. Ты сама так гэта адчуваеш?

Света: Мне падаецца, што кожная песня — гэта альбо малітва, альбо заклён. А ім уласцівыя паўторы і магічнае ўздзеянне такое, містычнае. Таму ў маіх песнях гэта заўсёды ёсць.

— Значыць, з’яўленне традыцыйнай беларускай песні «Жураўка» ў альбоме заканамернае?

Света: Вядома. Я вучылася ў Інстытуце культуры, у нас быў такі курс — народныя спевы, і там гэтую песню я брала як сваю курсавую працу, яна мяне вельмі-вельмі кранула тады. Я нават не ведала, чаму так моцна. Але потым усё жыццё неяк да яе вярталася-вярталася, а потым аказалася, што гэта песня вельмі актуальная і дакладная.

— Пра тое, што адбываецца зараз…

Света: З вялікай колькасцю людзей па ўсім свеце.

Пра самы незвычайны інструмент і адкуль у альбоме ўзяўся гук абцасаў

— Ты расказвала, што пішаш песні на кухні. Як гэта выглядае?

Света: Калі песня пачынае нараджацца, то ўжо ўсё роўна, дзе ты знаходзішся. Няхай крычаць усе, няхай гэта будзе вуліца ці кавярня… Проста зараз у мяне няма асобнага пакою, і мой такі працоўны пакой — гэта кухня. Ну і так усё жыццё, у мяне ніколі не было асобнага пакою. Таму — так, кухня часцей за ўсё. Там адразу можна паесці, халадзільнік, мне падабаецца!

— А што першым з’яўляецца?

Света: Кароткі тэкст, які гучыць разам з рытмікай і нейкай такой ніцепадобнай мелодыяй. А потым я пачынаю яе накручваць, накручваць, і гэта, бывае, цягнецца некалькі гадоў.

— Альбом вы запісалі ў вёсцы Малыя Азяраны на Падляшшы ў Польшчы, ля самай мяжы з Беларуссю, на дамашняй студыі Жэні, якая называецца «Нёман-9», куды Света ездзіла з Берліна. Адкуль такая назва?

Жэня: У дзявятым класе паехалі ў санаторый «Нёман» у Гродна з сябрамі. Там з імі на магнітафон мы пісалі джэмы (сумесныя музычныя імправізацыі. — Заўв. рэд.). Мой сябар Аляксандр Ш. расказваў казкі свайго дзеда, як ён там сеў на матацыкл, паехаў у Гродна па хлеб… Я пад гэта граў. І ў пачатку ён пастаянна казаў: «Студия звукозаписи „Нёман“». Менавіта праз «ё». А потым проста мы прышылі «9», бо гэта было ў дзявятым класе.

— Жэня, ты казаў, што ты спачатку проста хацеў запісаць Свету. У які момант ты зразумеў, што справа ідзе не да адзіночных запісаў, а да альбома?

Жэня: Падчас сумеснага са Светай міні-тура ў 2025 годзе прыйшло разуменне, нават адчуванне неабходнасці зрабіць гэта. Я адчуваў, што ўкладваюся сур’ёзна ў іншую працу, як у сваю, бо бачыў, што гэта вельмі важна. Як быццам не было чалавека, які мог бы гэтым заняцца і столькі часу патраціць, каб зрабіць такі матэрыял. Рады, што мы скончылі. Не ідэал, але…

— Чаму не ідэал?

Жэня: Як казаў Сальвадор Далі, не трэба баяцца ідэалу, усё роўна яго ніколі не дасягнуць.

— Калі ты пачуў гэтыя песні ўпершыню, яны ў цябе ў галаве адразу практычна сталі такімі, якімі мы іх чуем у альбоме, на канцэртах?

Жэня: Я звярнуў увагу, што ёсць такая Света, калі пачуў песню «Зеркальный шар». Калі мы пачалі граць разам, адразу пачуў патэнцыял у «Дух дышит». У працэсе, калі ў адзін кісель азяранскі ўвайшлі, яно пачало ўсё пераварвацца, і патроху-патроху… То-бок «Капитан» той жа, «По воде» — адразу не так працавалі. Але потым неяк так — раз… Але трэба было доўга думаць, працаваць са Светай, стэлефаноўвацца, каб дабрацца да гэтай эстэтыкі.

Выступ Светы Бень і tochka K ў Познані, 17 верасня 2026 года. Фота: Ігар Палынскі, «Люстэрка»
Выступ Светы Бень і tochka K ў Познані, 17 верасня 2026 года. Фота: Ігар Палынскі, «Люстэрка»

— Вы і па тэлефоне працавалі?

Жэня: Пастаянна. Света ўвесь час аналізуе: «Жэня, гэта не туды!» Я кажу: «Добра, разварочваемся».

— А хто ўвогуле часцей казаў «не»?

Жэня: Я працаваў так, што гэта сольны альбом Светы і трэба максімальна прыслухоўвацца. Але ўсё роўна адчуваю, што выразіўся і па-аўтарску. Проста супадзенне адбылося. Я зразумеў, чаго Света хоча, і гэта тое самае было, чаго, у прынцыпе, хацеў і я. Ні разу такога не было, што Света кажа адно, а я такі думаю: «Не, ну гэта поўны фуфел». Былі папраўкі праз тое, што хтосьці стамляўся, на нешта не звяртаў увагі, і мы адно аднаго неяк так і…

Света: Выцягвалі.

— У «Карове белай» вельмі шмат інструментаў гучыць: гітары, бас-гітара, труба, валторна, трамбон… Падазраю, што спіс не поўны. Які самы цікавы гук ці інструмент, з якім давялося папрацаваць?

Света: Вядома, тая фісгармонія, якую ты падагнаў!

Заўвага аўтара: Мы пазнаёміліся з Жэнем, калі ў яго паламалася машына і агульныя сябры далі яму мой кантакт, каб дапамог з дыягностыкай. Ён прыехаў і пабачыў у мяне дома фісгармонію — клавішны інструмент, падобны да піяніна, але замест струн і малаточкаў у ім працуюць металічныя язычкі і паветра. Пампуеш паветра нагамі ў мяхі, а калі націскаеш клавішу, яна адкрывае шлях паветру, і яно прымушае маленькую металічную пласцінку вібраваць. Па гучанні — нешта паміж арганам і акардэонам. Жэня загарэўся, і я знайшоў для яго такі ж інструмент, выраблены ў Швецыі ў пачатку XX стагоддзя.

Жэня: Дзякуючы паломцы машыны здарылася фісгармонія, і вось запісалі яе ў «Котики не плачут». А яшчэ класны том (адзін з барабанаў ударнай устаноўкі. — Заўв. рэд.) гучыць на «Человек тряпичный». Ён валяўся ў полі ў Лешэка (Скродзкага, солтыса Малых Азяранаў, старшыні вясковага самакіравання. — Заўв. рэд.), ён быў мокры, я яго прывалок, рукой вось так, як гонг, узяў і дзёўб, аж палку зламаў, прычым у адзін дубль зрабіў!

Фісгармонія Яўгена Кучмейны, запісаная на аьбоме «Карова белая». Фота: архіў Яўгена Кучмейны
Фісгармонія Яўгена Кучмейны, запісаная на альбоме «Карова белая». Фота: архіў Яўгена Кучмейны

— Адкуль у полі ўзяўся том?!

Жэня: Там у Лешэка ёсць усё насамрэч, што трэба! Ён усё звозіць туды, што нейкім чынам да яго трапляе. Я, можа быць, гэты том з сабой забяру, калі буду адтуль з’язджаць.

— А як вы вырашылі запісаць у якасці рытм-секцыі ў «Не трезв» гук абцасаў?

Жэня: Гэта прыкольная гісторыя была! Прыклад таго, як мы са Светай слухаем адно аднаго. Спачатку там быў Свецін сінтэзатар, патрошачкі пачынаў дабаўляцца тэхна-рытм, і Света кажа: «Ну вось мне не падабаецца, што яно заканчваецца электронна. Хацелася б, каб яно заканчвалася так, каб было жыва».

Я падумаў: тады хай і пачынаецца жыва. І прыдумаў спантанна: о, гэта абцас, гэта быццам Света ідзе дзе-небудзь у тунэлі, дзе рэха крыху, так… Перакаблучваецца. Паступова прыходзіць такі бетонны «пуф-пуф» на абцас. І атрымліваецца, што карцінка і пачынаецца з жывога, і заканчваецца — красоўкамі, якія бягуць. Вось гэта Света папрасіла, а я зрабіў і падумаў: класна, што папрасіла. А яна, напэўна, сказала: класна, што зрабіў. Мэта была, каб карцінка ў людзей складвалася не электронная, а вось такая — field recording (палявы запіс. — Заўв. рэд.), навакольнае асяроддзе.

Света: Мы гаварылі пра тое, што там трэба такі настрой рашучы, чалавека, які сыходзіць з непрыемнай сітуацыі, бяжыць кудысьці. І таму крокі вельмі сюды падыходзілі.

— А былі ідэі, якія спачатку падаваліся непатрэбнымі ці недарэчнымі, а потым аказвалася, што без гэтага ўжо не працуе?

Света: У большасці ідэі ў Жэні былі такія, што яны спрацавалі.

Жэня: Праблемы былі з песняй «Карова белая». Вось сітуацыя, калі мы выйшлі сухімі з вады. Света вельмі добра спела, але з краклам (запісам, дзе чуваць натуральныя гукі рота, дыхання, шоргат. — Заўв. рэд.), вось гэтым вось усім. А там такі трэк, што рытм-секцыі няма, сінтэзатар голы і голас — і я нічым яго не мог паправіць. Ты не можаш прыбраць артэфакты, калі голас такі шчыльны — ён адразу становіцца няшчыльны. Я запісаў кроплі ў бочку вады і вогнішча, печку сваю. І гэтыя ўсе хрусты, рыпенне, хлюпы вады прыкрылі Свету — і Света стала рэзка чыстай. А вось «По воде» мы разы чатыры перапісвалі, ніяк не маглі канцэпцыю знайсці. У апошні момант знайшлі.

— А ёсць у вас любімыя песні ў гэтым альбоме?

Света: Усё любімае…

Жэня: У мяне ў розныя перыяды па-рознаму, як і са сваімі песнямі. Бывае перыяд, што мне «Не трезв» падабаецца больш за ўсё. І «21 грамм». А потым мне неяк раз — і «По воде» больш падабаецца.

— Света, у цябе на канцэртах шмат рознага бывае ў руках: укулеле, акардэон, ксілафон, сінтэзатары… Як ты вырашаеш, дзе што патрэбна?

Света: Я проста ні на чым не ўмею граць. Хапаю тое, на чым прасцей сыграць у дадзены момант, пад гэта падбіраю песню, якая гучыць у галаве, і на тым ужо граю. І так і застаецца.

Эксперыментатарка, авантурыстка і аферыстка

— Света, трошачкі ў мінулае. «Серебряная свадьба» была, ды і застаецца, вельмі папулярным гуртом. Ці былі часы, калі вы маглі б сказаць: мы здорава жывём, у нас дастаткова грошай і вось яна — слава рок-н-рольная?

Света: Не. І дзякуй богу!

— А што не так з грашыма?

Света: А на х*р яны патрэбныя? Грошы — пыл, як гаворыць мой дарагі сябар Саша Багданаў.

Саша: Але капейка рубель беражэ!

— А на што траціць грошы, калі іх шмат?

Света: На сяброў, вядома. Не на падарожжы ж! Ненавіджу падарожжы.

Жэня: Света — казачна сяброўскі чалавек. Яна ці патраціць гэтыя грошы тут жа, альбо для сяброў аддасць.

Света: Ну яшчэ на парфуму класную.

Жэня: Якая таксама патраціцца (усміхаецца).

— Света, па тваіх словах, пасля таго як «Серебряная свадьба» запісала міні-альбом Ag, у вас было адчуванне, што ўсё, што хацелі, вы ўжо сказалі і можна ставіць кропку. Табе дагэтуль так здаецца?

Света: Так, так. І гэта нармальна, лагічна, класна.

— Пры гэтым гучала фармулёўка, што гурт у бестэрміновым адпачынку. Можаш сцвярджаць, што працягу не будзе?

Света: Я гэта заўсёды сцвярджала, але, ведаючы мой такі нестабільны характар, усё спадзяваліся, што я захачу вярнуцца да гэтага.

— Як думаеш, чаму многім дагэтуль хочацца працягу менавіта «Серебряной свадьбы»?

Света: У гурта была такая класная сінергія. Вельмі энергічныя, вельмі сардэчныя музыкі.

Жэня: Хімія здарылася.

Света: Так, была такая свая хімія, прыгожая, кранальная, сапраўды вельмі жыццесцвярджальная, такая баявая.

Выступ Светы Бень і tochka K ў Познані, 17 верасня 2026 года. Фота: Ігар Палынскі, «Люстэрка»
Выступ Светы Бень і tochka K ў Познані, 17 верасня 2026 года. Фота: Ігар Палынскі, «Люстэрка»

— Табе пасля гэтага прыходзілася нанова вучыцца быць музыканткай і выходзіць на сцэну?

Света: Так, вядома. Я ж не грала [пасля прыпынення дзейнасці «Серебряной свадьбы»]. Ну, хіба трошкі зусім: ездзіла на тэатральныя фестывалі і ўсялякія тэатральныя прыгоды, і там прасілі: «Паспявай, калі ласка, свае песні». І я ўжо тое, што магла, пад укулеле там, трынь-брынь рабіла для кола сяброў. Маленькія, зусім камерныя канцэрты.

А потым у 2020 годзе, калі ў Беларусі пачаліся дваравыя канцэрты, мяне сталі клікаць. Я вельмі хвалявалася, мне было так страшна граць, здавалася, што гэта будзе нудна і страшна, што мяне проста пакалоцяць (смяецца). Я нават папрасіла, каб сяброўка рабіла мне такія маленькія праекцыі, малявала адразу карцінкі ўсялякія і клала іх на праектар, каб было хоць трошкі цікавей, чым проста я выйду і буду штосьці пішчаць там пад інструмент самотна. Але неяк яно спрацавала класна. І вершы, і такая ўдумлівая размова…

Я люблю паразмаўляць з людзьмі. І падалося, што гэта ім патрэбна, такі ўмоўны стэндап, калі я расказваю штосьці. Гэта быў класны досвед, які мяне вельмі падтрымаў і даў смеласці. І я далей стала трошкі ў гэтым развівацца.

— А ты сябе больш адчуваеш музыканткай ці чалавекам тэатра, які паралельна займаецца музыкай?

Света: Эксперыментатарам, які проста цягаецца па свеце ў пошуках прыгод. Авантурысткай і аферысткай.

— У тваім жыцці вельмі шмат рознага: зараз музыка, тэатр, аўдыёспектаклі, кнігі… Ты наогул умееш займацца нейкай адной рэччу?

Света: А навошта? Калі складваецца, што шмат рэчаў адразу, трэба рабіць шмат. Будзе адна рэч — буду рабіць адну.

— У цябе нядаўна адбылася прэм’ера спектакля ў Берліне. Пра што ён?

Света: Спектакль класны. Ён называецца «Дзесяць прыкмет таго, што вы патрапілі ў чорную дзірку». Мы сабралі астрафізічныя факты, навуковыя даследаванні пра чорныя дзіркі і падышлі да гэтага з такога псіхалагічнага пункту гледжання і пераклалі на мову візуальнага тэатра. І зрабілі спектакль, які лічым падтрымліваючым для тых, хто трапіў у чорную дзірку. Ці які сам зараз — чорная дзірка.

— Што гэта за чорная дзірка?

Света: Нейкі адчайны стан, у які мы трапляем час ад часу альбо ў якім даўно сядзім. ПТСР, дэпрэсія, трагедыі…

Выступ Светы Бень і tochka K ў Познані, 17 верасня 2026 года. Фота: instagram.com/chahu.vasiliy
Выступ Светы Бень і tochka K ў Познані, 17 верасня 2026 года. Фота: instagram.com/chahu.vasiliy

— Тое, што напаткала многіх беларусаў пасля 2020 года, умоўна кажучы?

Света: Ведаеш, Берлін паказвае нам, што мы настолькі… не адны. Там мне давялося шмат пачуць страшных гісторый пераследу і рэпрэсій ад сваіх сяброў з Турцыі альбо з Ірана, гісторый украінцаў… Бясконца проста краін, у якіх адбываецца сваё страшнае, і гэта так побач. Так што гаўна хапае ў свеце.

Жэня: Як быццам бы больш, чым хацелася б…

Света: Ёсць такая фраза, памятаю прозвішча аўтара — Уоран, але не ведаю, хто гэты чалавек (амерыканскі пісьменнік Роберт Пэн Уоран, аўтар рамана «Уся каралеўская раць». — Заўв. рэд.): «Ты павінен рабіць дабро са зла, таму што яго больш няма з чаго рабіць».

«Дзе бог пасадзіў, там і квітней»

— Света, ты з’ехала з Беларусі неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Што стала трыгерам?

Света: Быў першы раз арыштаваны Уладзь Булаўскі — мой сябар, арт-менеджар, з якім мы якраз запланавалі шэраг канцэртаў па Беларусі. І я выступала ў яго за пару дзён да затрымання. Я ведала ўжо, што знаходжуся ў чорным спісе [выканаўцаў, якім забароненыя выступы ў Беларусі], мяне забаранілі на фестывалі «Справа». І таму хвалявалася за Уладзя, казала, што, можа, мне не трэба прыязджаць, падстаўляць яго. А ён сказаў: не, давай прыязджай. І праз некалькі дзён яго арыштоўваюць. Я думала, што гэта можа быць звязана са мной. Якраз мне трэба было ехаць на праект у Мюнхен. Я паехала. А яго калі выпусцілі, ён патэлефанаваў, сказаў, каб я не вярталася.

— І ты засталася ўжо?

Света: Так. У мяне было дзве валізкі з інструментамі, са мной была дачка, і я: «Нармальна. Пагналі».

— У 2024 годзе ты сябе параўноўвала з батарэйкай і казала, што табе цяжка ад таго, што не можаш быць батарэйкай зараз для свайго горада і сваёй краіны. Што з гэтай батарэйкай цяпер? Ці здолела ты засілкаваць ілюмінацыю ад сваёй батарэйкі там, дзе ты цяпер?

Света: Няма выбару. Трэба, як сказаў нейкі каталіцкі святы, квітнець там, дзе бог цябе пасадзіў, у той глебе. Ну, дзе ты апынуўся, там ты павінен квітнець. Не ныць. Мне падаецца, класнае параўнанне з ілюмінацыяй. Электрычнасць жа — такая боская штука вельмі, класная, такая містычная, магічная, што яна перадаецца на вялікія адлегласці, і няма для яе ніякіх межаў, калі ёсць праваднікі.

Выступ Светы Бень і tochka K ў Познані, 17 верасня 2026 года. Фота: Ігар Палынскі, «Люстэрка»
Выступ Светы Бень і tochka K ў Познані, 17 верасня 2026 года. Фота: Ігар Палынскі, «Люстэрка»

— Чаму засталася ў Германіі, у Берліне? Не самыя папулярныя краіна і горад для беларускага мігранта…

Света: Берлін класны. Такі вельмі родны. Там сябры былі…

— Калі ўявіць, што няма праблем з легалізацыяй, з грашыма, з дакументамі, ты ўсё адно ў Берліне засталася б?

Света: Насамрэч, падкрэслю яшчэ раз, мне ўсё роўна, дзе жыць. Мне паўсюль цікава: і ў вёсцы, і ў мегаполісе, глядзець на людзей, прымаць удзел у нейкіх падзеях. Калі падзей няма, цікава самой з сабой. Таму ну Берлін дык Берлін, Познань дык Познань, Нью-Ёрк дык Нью-Ёрк… Орша дык Орша.

— Нежаданне прывязвацца да месца — гэта стомленасць ад неабходнасці прызвычайвацца?

Света: Гэта проста разумны падыход да жыцця. Нашто прывязвацца, а потым убівацца? Для мяне гэта свабода.

Жэня: Чалавек не адразу стаў аселым. Адразу качэўнікі ж былі. Гэта натуральная рэч.

— Жэня, наколькі я ведаю, ты ў Беларусі заставаўся даволі доўга, але пры гэтым прыязджаў з канцэртамі ў Польшчу і вяртаўся дамоў. Але ўрэшце з’ехаў. Што ў цябе стала галоўнай прычынай?

Жэня: Летам 2025 года мацней, чым калісьці раней, адчуў, што прыйшоў час з’язджаць. Стала відавочным, што гэтае рашэнне, хоць і балючае, але найлепшае для мяне, найлепшае для маіх блізкіх.

Выступ Светы Бень і tochka K ў Познані, 17 верасня 2026 года. Фота: Ігар Палынскі, «Люстэрка»
Выступ Светы Бень і tochka K ў Познані, 17 верасня 2026 года. Фота: Ігар Палынскі, «Люстэрка»

— Света, ты казала, што беларуская мова для цябе родная і натуральная ў размове, але ты пісала доўгі час па-руску, бо фарміравалася ў рускамоўным культурным асяроддзі. Але зараз у цябе з’яўляецца больш песень па-беларуску. Ёсць і незвычайная, на першы погляд, а на маю думку, вельмі лагічная ва ўмовах білінгвістычнай Беларусі, — «Человек тряпичный», якая спяваецца па-руску і па-беларуску адначасова. Як ты адчуваеш, што тут будзеш пісаць па-беларуску, тут па-руску?

Света: Не ведаю. Такія песні, якія павінны быць напісаныя толькі так.

— Дапускаеш, што больш па-беларуску з часам станеш пісаць?

Света: Дапускаю.

Жэня: Яно ж як вецер прыдзьме. Прыдзьме па-беларуску — і спяваеш па-беларуску. Прыдзьме па-руску — па-руску. Але па-літоўску, па-польску не прыдзьме. Усё-такі вось гэта выхаванне дзіцячае.

Света: Па-нямецку, напрыклад, не хачу. У мове ж — розныя пласты. І ёсць такі сакральны пласт, вельмі важны. Калі ты да яго звяртаешся, то быццам падключаешся да такога кода, які табе дае дадатковую моц, дадатковыя звышздольнасці, нейкую дадатковую галаву і частку мозгу. А ёсць яшчэ камунікатыўная частка. На мяне вельмі ўздзейнічае, калі маю шмат стасункаў з людзьмі, якія размаўляюць па-беларуску. Мы гутарым — тады мысленне пераключаецца, і я пачынаю так думаць. Ну я найбольш беларускіх вершаў напісала, калі закахалася ў хлопца, які размаўляў па-беларуску! Потым нешта перастала… Адны гэтыя рускамоўныя вакол (смяецца)!

Пра шаўковыя прасціны, татуіроўкі і бадун

— Света, ты казала, што калі ўсё добра, цябе гэта не асабліва натхняе. І што табе падабаецца фраза «Нешта будзе», а не «Усё будзе добра».

Света: «Нешта будзе добра» мне падабаецца! Гэта фраза, якую я вынайшла. Таму што для беларусаў уласцівая фраза «Нешта будзе», а расіяне часта кажуць: «Все будет хорошо». А я такую фразу знайшла для сябе: «Нешта будзе добра». Ну а нешта — не.

— А калі не пра творчасць — у жыцці ты любіш, каб усё было добра?

Света: Вядома! Я вельмі лянівы чалавек, які пхнецца проста ўсімі сваімі малекуламі да камфорту і разлагоджанасці: валяцца на шаўковых прасцінах — гэта мая мара. І шампанскае, і я ляжу, і пялёсткі руж, і нічога больш не раблю. Але жыццё такое кажа: «Ну слухай, ну не, давай п**уй працаваць».

Думаю, мы самі не ведаем, што нам трэба насамрэч, што робіць нас больш моцнымі і больш цікавымі, што ўвогуле нас фарміруе. І я ўдзячная, што лёс сам распараджаецца як хоча. Паміж цудоўным і страшным — мне вось гэта падабаецца. Я не хацела б выбіраць страшнае, але потым вельмі ўдзячная.

— Ты часта кажаш пра дзяцінства як пра штосьці сакральнае, чаму хочацца заставацца вернай. Што ад той дзяўчынкі, якую ўзгадваеш, ты дагэтуль маеш у сабе?

Света: Мне падаецца, усё. Проста яна апранутая ў такія вялікія шматслойныя паліто і саркафагі, нейкія свінцовыя штукі, каб яе абараніць. То-бок унутры гэтая дзяўчынка тая ж самая. Яна цалкам не змянілася.

— У цябе на руках ёсць татуіроўкі. Я не знайшоў, каб ты пра іх штосьці казала, тым часам яны вельмі забаўныя. Што за яны?

Света: Гэта дзіцячыя малюнкі маіх любімых людзей: дачок Улі і Соні, Арцёма (Залескага, мужа Светы, памёр у 2022 годзе. — Заўв. рэд.) і маёй сяброўкі. І прыналежнасць да нейкай важнай сувязі такой. Я люблю рабіць татуіроўкі. Гэта трошкі балюча, і гэта такі боль, які мяне супакойвае. Можа, будуць яшчэ.

Татуіроўкі Светы Бень з дзіцячымі малюнкамі (злева направа і зверху ўніз): дачкі Соні, сяброўкі Ліны, дачкі Улі і мужа Арцёма. Фота: Ігар Палынскі, «Люстэрка»
Татуіроўкі Светы Бень з дзіцячымі малюнкамі (злева направа і зверху ўніз): дачкі Соні, сяброўкі Ліны, дачкі Улі і мужа Арцёма. Фота: Ігар Палынскі, «Люстэрка»

— Для многіх музыка — гісторыя тэрапеўтычная: цяжка — уключаеш музыку — становіцца лепш. Гэта ўздзеянне музыкі як з’явы ці ўсё залежыць ад канкрэтнай песні?

Жэня: У мяне задача ніколі не стаіць зрабіць тэрапеўтычную рэч. Мне важна, каб чалавек станавіўся яшчэ больш чалавекам, ад рэптылоіднасці адыходзіў. А тое, што яму можа ў моманце горш стаць… Тут пытанне, ці чалавек сам захоча. Не захоча — не будзе слухаць.

Часта мне казалі: Жэня, твая музыка — як бадун. Я думаю: цяжка, напэўна, так чалавека ў бадун завесці. А ў іншыя моманты думаю: не, гэта нармальна, ён задумаецца пра тое, пра што раней не задумваўся, memento mori, штосьці такое. Ён стане больш такім… Больш спачуваючым, ці што. Такое, што звычайна не адчуваеш.

— Бадун — вельмі чалавечы пры гэтым стан.

Жэня: Ну можа быць. Калі гэта ёсць тэрапія, у сэнсе — тэрапія для таго, каб больш чалавекам станавіцца, — то тады так. Асабіста ў мяне такая мэта. Мне падаецца, калі мы са Светай рабілі, таксама была такая вось мэта ў нас.

Света: Мяне вельмі-вельмі выратоўвае музыка. Я на рэпіце стаўлю нейкую песню, слухаю разоў сорак за дзень, і яна штосьці ўва мне залечвае альбо, наадварот, бударажыць, каб яно выйшла, каб давесці да нейкай мяжы сум альбо радасць. Таму мне падаецца, што калі мне не хапае такой песні, я яе пішу сама для сябе. Гэта мая асабістая тэрапія. Часам здараецца, што яна кагосьці таксама залечвае. У гэтым сэнсе ў Жэні больш глыбокі такі падыход, філасофскі, а ў мяне практычны. Каб не здохнуць!

— Што ў вас грае ў навушніках апошнім часам?

Жэня: У мяне паўднёвакарэйскі псіхадэлічны мікстэйп 70-х гадоў. «Гражданская оборона» ўчора грала, апошні альбом. Японскія абстрактныя, электронныя такія штукі. Ну і, вядома ж, «Балеро» Марыса Равэля!

Света: Музыка бразільскіх фавэл. Гэта такія небяспечныя раёны ў Бразіліі, дзе шмат гвалту, шмат злачынства, шмат страшнага. І там такая своеасаблівая музыка. Агрэсіўная і моцная. Вельмі дзёрзкая, злая, пад такі біт моцны. Яна мяне трошку абараняе і вяртае да жыцця.

— А што з беларускай музыкі для вас стала адкрыццём апошніх гадоў?

Света: Я вельмі люблю Яна Клапоцкага і Дзяніса Sinie Gory. Люблю таксама тое, што робіць Мікіта Арлоў, — Applepicker. І так, вядома, у апошні год для мяне была вельмі важным адкрыццём Жэнева музыка.

Жэня: Я Светы песнямі займаўся, гэта было беларускае для мяне адкрыццё, якое трэба было яшчэ больш адкрыць. Мне падабаецца гродзенскі праект Aum!. Чакаю альбом ад гродзенскага Rogi Niglov. А зараз — я слухаю гэты наш альбом, не магу пакуль іншай музыкі слухаць нармальна.

Света: Я яшчэ хацела ўзгадаць Леру Дэле і Насцю Рыдлеўскую. З вялікай павагай стаўлюся да іх творчасці.

— Недзе ў Threads напаткаў, як Iva Sativa кажа, што яна твая фанатка. Як ты ставішся да такіх прызнанняў?

Света: Ну мне вельмі прыемна. Дзякуй вялікі! Толькі мне не падабаецца слова «фанат». Мне падабаецца «слухач». Чалавек, які цэніць, любіць нейкую музыку. Фанат — гэта трошкі такі хваравіты стан, мне падаецца, трошкі такі нездаровы. А мне падаецца, што ўсё ж такі музыка, да якой я маю дачыненне, — яна пра псіхічнае здароўе. Можа, гэта не так відавочна, але… Ва ўсялякім выпадку, пра пошук гэтага псіхічнага здароўя.

Света Бень, Познань, Польшча, 18 верасня 2026 года. Фота: Аляксей Разумаў, «Люстэрка»
Света Бень, Познань, Польшча, 18 верасня 2026 года. Фота: Аляксей Разумаў, «Люстэрка»

— Што вы думаеце пра музыку, якую робяць нейрасеткі?

Жэня: Пагаворым пра фаршмак (смяецца).

Света: Жэнева любімая тэма. Я нічога не думаю, не слухаю.

Жэня: Гэта нармальная рэч. Не трэба самому жаць ячмень, цяпер камбайн сажне. Музыка для FM-радыёстанцый, дзе «тынц-тынц, тру-ля-ля», музыка для гіпермаркетаў — гэта цяпер можна рабіць нейрасеткамі, гэта будзе нармальна. Для рэкламы — стокі (рэсурсы, дзе можна купіць гатовую музыку для выкарыстання. — Заўв. рэд.) ужо не патрэбныя, людзям, якія для стокаў працавалі, трэба пашукаць іншую працу, і дзякуй богу, таму што праца была недастойная.

Творчая ж частка, дзе сапраўды трэба зрабіць, — яна застанецца за аўтарамі, і нейрасеткі не змогуць, я думаю, замяніць. Калі змогуць, то гэта будзе больш… Выраджэннем саміх слухачоў. Мне здаецца, людзі не захочуць. Зараз ужо Spotify выдаляе [напісаныя AI] трэкі, абавязковая маркіроўка, нельга адпаведны вадзяны знак прыбраць. Калі ты выкладзеш трэк, зроблены нейрасеткай, гэта будзе ўсім вядома. І людзі хочуць ведаць, дзе чалавек, а дзе не чалавек.

Ну і я не пачуў ніводнага нейроннага трэка, які не быў бы мыльным. Нейрасеткі ж кармілі mp3-хамі… Але гэта добра, што гэта ёсць. Дзякуючы нейроннай музыцы яшчэ больш разумею, што хачу рабіць, што ўва мне каштоўнага.

— А як дапаможны інструмент для чалавека, які піша музыку сам?

Жэня: Гэтыя інструменты… Я не знайшоў прымянення, дапусцім, Suno (AI-генератар музыкі. — Заўв. рэд.). Хіба каб пабухаць з сябрам: замест таго каб яму паведамленне напісаць, пішу песню адразу. Там мы ў гэтай песні павінны пайсці і выпіць, дапусцім, «Баланешць» (каньячны брэнд. — Заўв. рэд.). А так — той ці іншы інструмент купляеш і хутка праз Gemini ці ChatGPT вывучаеш «рулявое ўпраўленне», гэта вельмі зручна. Зараз падключаюць нейрасеткі да Ableton (праграма для запісу музыкі. — Заўв. рэд.). Гляджу, што яны робяць, і думаю: я больш часу патрачу, тлумачачы, што хачу зрабіць, і вынік будзе не той. Лепш рукамі сам зраблю.

— Альбом гатовы. Цэлы год жыцця, так?

Жэня: Запісалі мы яго менш чым за год. У лістападзе пачалі, скончылі дзесьці ў ліпені. Але ж песні Света даўно пісала.

Света: Вось мы якраз зараз у Познані — і мы з Жэнем сустрэліся першы раз у Познані вясной мінулага года.

Жэня: А потым хату пакуль знайшоў, абсталяванне хоць трошкі перавёз…

— Што вам хочацца цяпер рабіць?

Света: Пасядзець, памаўчаць, падумаць.

Жэня: Так, прастрацыя. Я нават бы ў тур не ехаў так хуценька… Нічога не хочацца рабіць. Я вось думаю кніжкі пачытаць нармальна, музычку паслухаць, нічым не займацца пакуль што.


Найбліжэйшыя канцэрты Светы Бень і Яўгена Кучмейны з прэзентацыяй альбома «Карова белая» пройдуць у краінах Балтыі: 16 кастрычніка — у Таліне (Эстонія), 17 кастрычніка — у Рызе (Латвія), 18 кастрычніка — у Вільнюсе (Літва). А 24 кастрычніка яны пакажуць гэтую праграму на фестывалі «Бардаўская восень — 2026» у Бельскім доме культуры (Бельск-Падляскі, Польшча).